ФЕДЭРА́ЛЬНАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАКУЛЬТУ́РНАЯ АЎТАНО́МІЯ «БЕЛАРУ́СЫ РАСІ́І»
(ФНКА),
грамадская арганізацыя беларусаў Расіі. Створана ў 1999. Аб’ядноўвае 11 рэгіянальных нац.-культ. аўтаномій беларусаў і інш. грамадскія арг-цыі Расіі, якія садзейнічаюць рэалізацыі мэт і задач арг-цыі. Гал. орган — з’езд (адбыліся ў крас. 1999 і кастр. 2002), які склікаецца не радзей як раз у 3 гады. У перыяд паміж з’ездамі дзейнічае Савет аўтаноміі (выбіраецца на з’ездзе тэрмінам на 3 гады). З’езд таксама выбірае старшыню Савета аўтаноміі (з крас. 1999 — Ф.П.Каўрыга).
Асн. мэты аўтаноміі: садзеянне захаванню і развіццю бел. мовы, традыцый, нац. культуры бел. народа ў разнастайных формах (стварэнне культ. цэнтраў, фондаў, устаноў, арг-цый культуры і адукацыі, развіццё сродкаў масавай інфармацыі, камунікацыі і інш.); развіццё супрацоўніцтва і ўзаемаразумення з інш. нац. аб’яднаннямі, якія дзейнічаюць на тэр. Рас. Федэрацыі і за яе межамі; садзеянне рэалізацыі і абароне канстытуцыйных правоў і свабод, нац. годнасці, барацьбе з нац. экстрэмізмам ва ўсіх яго формах і праявах; каардынацыя дзейнасці арганізацый і інш. аб’яднанняў беларусаў у Расіі, забеспячэнне інфарм. абмену паміж імі.
У.Б.Ламека.
т. 16, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)